Заяву з патрабаваннем вызвалення А. Бандарэнкі і М. Жамчужнага падпісалі лідэры апазіцыі. Далучайцеся!
На сустрэчы апазіцыйных лідэраў 23 верасня ў офісе АГП была прынята супольная заява, што за кратамі па-ранейшаму застаюцца палітвязні - праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны.
Заяву падпісалі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Некляеў, Вячаслаў Сіўчык.
Заява адкрытая для падпісання на офісе АГП (г. Менск, ул. Веры Харужэй, 22-1701)
Тэкст заявы:
Свабоду палітвязням Андрэю Бандарэнке і Міхаілу Жамчужнаму!
Улады Беларусі заяўляюць пра вызваленне ўсіх палітвязняў, але за кратамі застаюцца праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны, крымінальныя справы супраць якіх былі інспіраваныя спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі з мэтаю разгрому ачоліваемай імі праваабарончай арганізацыі «Платформа Інавэйшн», якая адзіная сур’ёзна працавала па пытанні парушэння правоў чалавека ў беларускіх турмах.
Мы патрабуем ад уладаў неадкладнага вызвалення Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага і поўнай рэабілітацыі, як іх, так і раней вызваленных палітвязняў.
Звяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам правядзення кампаніі салідарнасці з беларускім палітвязнямі Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным!
Свабоду палітвязням!
г. Менск
23.09.2015 г.