Міністр замежных спраў Літвы адзначыў неабходнасць салідарнасці краін Балтыі ў дачыненні да БелАЭС.
29 лістапада на агульным пасяджэнні Балтыйскай Асамблеі і міністраў замежных спраў краін Балтыі ў Рызе міністр Лінас Лінкявічус адзначыў неабходнасць салідарнасці краін Балтыі ў дачыненні да небяспечнай беларускай атамнай энэргіі, паведамляе МЗС Літвы.
«Праз праблемы з бяспекай Астравецкая атамная электрастанцыя становіцца праблемай усяго рэгіёну. Мы будзем працягваць даводзіць да агульнага ведама ўсе праблемы ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, патрабуючы міжнароднай адказнасці, і будзем імкнуцца да агульнай пазіцыі Еўрапейскага Звязу ў гэтых пытаннях», - заявіў літоўскі міністр.
Падчас пасяджэння была прынятая агульная заява Балтыйскай рады, у якой утрымліваецца традыцыйны агляд супрацоўніцтва Літвы, Латвіі і Эстоніі, а краіны Балтыі абавязваюцца імкнуцца да таго, каб ядзерныя станцыі па суседстве з ЕЗ адпавядалі высокім міжнародным стандартам бяспекі.